Вільня, сад і крыху электрычнасці
Пакрысе разбіраюся з Вільняй пачатку XX стагоддзя для свайго дэтэктыўнага опуса. У гарадской электрастанцыі выявілася цікавая перадгісторыя: яе цалкам маглі пабудаваць у Бернардзінскім садзе (гл. на турыстычным сайце Вільнюса). А што, добрая ідэя для таго часу: зямля гарадская, траціцца на куплю не трэба, нават праект будынка падрыхтавалі. Потым усё ж сцямілі, што дым будзе збірацца ў даліне, а сам сад давядзецца часткова высекчы. Пачатак XX стагоддзя ўвогуле быў багаты на такое: «а давайце дзеля індустрыялізацыі што-небудзь знясём і высечам» — не толькі ў нашых мясцінах, але і значна далей.
Цікава, наколькі падобныя ініцыятывы, але ажыццёўленыя, паўплывалі на тагачасных аўтараў? Напрыклад, у таго ж Толкіна ва «Уладары пярсцёнкаў» Саруман, ствараючы войска ўрук-хаяў, зрабіў прыкладна тое самае ў ваколіцах Ізенгарда. Супадзенне?