Гісторыя

Музыка, схаваная ў пераплёце

Захацелася крыху старой беларускай музыкі. Стала цікава, што ўвогуле захавалася з таго, што гралі некалькі стагоддзяў таму. Адна з такіх крыніц — «Полацкі сшыт», зборнік песень і танцаў XVII стагоддзя з даволі незвычайным лёсам.

Нотны рукапіс выкарысталі для ўшчыльнення пераплёту царкоўнай кнігі. Беларускі літаратуразнавец Адам Мальдзіс успамінаў, як у Ягелонскай бібліятэцы заўважыў праз расколіны вокладкі рукапісныя знакі і прапанаваў зазірнуць унутр. Пазней вынятымі нотамі заняўся музыказнавец Ежы Голас — і музыка зноў дайшла да выканаўцаў.

Дарэчы, «полацкі» ён, строга кажучы, умоўна: Мальдзіс звязваў рукапіс з Астрамечавам на Берасцейшчыне. Паводле яго ўспамінаў, назва замацавалася пасля размоў з музыкамі: Полацк ведаюць усе, а дзе Астрамечава — яшчэ трэба тлумачыць. Сам ён пагадзіўся, каб музыку пачалі граць, а потым спрабаваў вярнуць геаграфічную дакладнасць.

Гісторыя ад самога Мальдзіса.

Паслухаць можна ў «Старога Ольсы» ў альбоме Santa Maria, напрыклад Ciupa, Pasterz ці Tryton. Гэта сучасныя інтэрпрэтацыі старых нот, але сама магчымасць пачуць музыку, якая некалькі стагоддзяў правяла ўнутры кніжнай вокладкі, вельмі радуе.